ГІСТАРЫЧНАЕ МЕСЦА
"Карчма 1863" змяшчаецца ў гістарычным месцы. Селішча на гары Бакшта, якое месціцца на ўзвышаным канчатку вуліцы, існавала задаўга да часоў Гедыміна, яшчэ ў XII стагоддзі.
Аб старажытнасці месца сведчыць валун, які знаходзіцца ў сутарэннях карчмы. Гэты камень раскапалі менавіта там жа, калі рамантавалі памяшканне. Ёсць меркаванне, што ён быў прысвечаны богу піва Рагуцісу, паколькі на ім бачны след быка. Хутчэй за ўсё гэты валун з'яўляўся часткай капішча, другі камень з якога стаіць на плошчы каля карчмы.
Вуліца Бокшта, як адна з самых старых вуліц Вільнюса, наскрозь прасякнута гісторыяй. Яна ўзгадваецца ў дакументах, пачынаючы з 15 стагоддзя. Чаго тут толькі не было на працягу стагоддзяў: тут дзейнічала масонская ложа, выступаў з канцэртамі Станіслаў Манюшка, размяшчаўся артылерыйскі бастыён. На гэтай вуліцы правёў сваё дзяцінства і ранняе юнацтва Юзаф Пілсудскі, адзін са стваральнікаў адроджанай Польшчы.
У будынку, дзе зараз знаходзіцца Карчма, на скрыжаванні вуліц Бокшта і Латака, у 19 стагоддзі змяшчалася адна з найстарэйшых гасцініц Вільнюса, гасцініца Нішкаўскага. У 1862 годзе ў ёй спыняўся адзін з кіраўнікоў Паўстання 1863 года (яно ж Паўстанне Кастуся Каліноўскага, яно ж Студзеньскае паўстанне, яно ж Польскае паўстанне) Зыгмунт Серакоўскі. І менавіта тут незадоўга да пачатку паўстання ў гатэлі адбылася нарада паўстанцаў, на якой прысутнічаў у тым ліку і Кастусь Каліноўскі.
А ў 1905–1914 гадах у гэтым жа доме жыў доктар Ёнас Басанавічус, літоўскі гісторык, фалькларыст, публіцыст, грамадскі дзеяч, патрыярх літоўскага нацыянальнага адраджэння, пра што абвяшчае мемарыяльная таблічка на будынку. У карчме вы можаце знайсці кнігі з яго творамі на літоўскай мове.
Сёння вуліца Бокшта з'яўляецца адной з самых маляўнічых і атмасферных вуліц у Старым горадзе Вільнюса. Тут размяшчаюцца ўтульныя кафэ і музеі. Шпацыруючы па гэтай вуліцы, можна адчуць подых гісторыі і ўбачыць архітэктурныя помнікі розных эпох.
ГЕРОІ 1863
Адно з самых прыкметных месцаў нашай Карчмы - сцяна прысвечаная паўстанню 1863-64 гадоў, а таксама героям папярэдніх паўстанняў 1794 і 1830-31 гадоў, якія натхнялі інсургентаў у тыя часы. За год працы сцяна з фотаздымкамі і малюнкамі стала не толькі візітнай карткай рэстарацыі, а яшчэ і месцам да якога ўзнікае большасць пытанняў нашых наведвальнікаў. Мы шчаслівыя, што наша гісторыя выклікае ўвагу і зацікаўленасць. Таму ад сёння і надалей мы прэзентуем вам анлайн-гід па нашай маленькай выставе. Гэта не толькі каментары да выяваў, якія вы бачыце ў карчме. Гэта падборка фота, відэа, спеваў і нават гульняў звязаных з нашай гісторыяй. Запрашаем вас у анлайн-падарожжа.